4 марта 2017 У падарожжы па свеце

Блок складаецца з дзвюх марак нязвычнай круглай і прамавугольнай формы, якія выкананы на высокім тэхналагічным узроўні з дапамогай тэрмічнага ціснення металізаванай фольгай залатога колеру. На круглай марцы адлюстравана эмблема Міністэрства ўнутраных спраў, а на прамавугольнай — будынак МУС. Сімвалічна, што менавіта ў ім адбылася ўрачыстая цырымонія гашэння марак.

Мерапрыемства прайшло пры ўдзеле кіраўніка міліцэйскага ведамства Ігара ШУНЕВІЧА і міністра сувязі і інфарматызацыі Сяргея ПАПКОВА. Міністр унутраных спраў адзначыў, што напярэдадні юбілею была праведзена шматгранная работа. Разам з выхадам кніг, мастацкага і дакументальнага фільмаў, юбілейнага медаля выпуск марак стаў адной з найважнейшых падзей падрыхтоўкі да маштабнага свята. Паштовы блок можна прылічыць да мастацкай сімволікі, дзякуючы якой аб значнай для МУС і ўсёй краіны ў цэлым падзеі даведаюцца ва ўсім свеце.

Акрамя паштовага блока, у выпушчаны да свята набор уваходзяць канверт «Першы дзень» і спецыяльны памятны штэмпель. Праект быў рэалізаваны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі пры падтрымцы «Белпошты».

Міністр сувязі і інфарматызацыі паведаміў, што ў суверэннай Беларусі было выпушчана 1180 марак, штогадовы абарот — каля 30—40 найменняў. Нагодай для стварэння новых марак служаць усе значныя для жыцця краіны даты і падзеі. Атрымаць сваю ўласную марку для кожнага ведамства ганарова яшчэ і таму, што мастацкія работы беларускіх майстроў цэняцца філатэлістамі ва ўсім свеце. Пацвярджэнне таму — другое месца, якое занялі прадстаўнікі нашай дзяржавы на нядаўнім міжнародным конкурсе і выстаўцы ў Кітаі.

Як адзначыў Сяргей Папкоў, выданне марак — адзін з аспектаў папулярызацыі нашай дзяржавы ў свеце. У хуткім часе 15 тысяч выпушчаных да юбілею асобнікаў разляцяцца ў розныя куткі планеты і чарговы раз распавядуць аб нашай краіне.

Міністр унутраных спраў заўважыў, што галоўным у падрыхтоўцы да свята было выканаць сваю работу так, каб яно прайшло ва ўмовах міру, спакою, згоды ў грамадстве і стабільнасці, якой даражыць кожны грамадзянін. На думку Ігара Шуневіча, на цяперашні момант праваахоўная сістэма дзяржавы ўяўляе сабой адзіны згуртаваны арганізм, які забяспечвае выкананне задач па абароне правапарадку і захаванні бяспекі ў дзяржаве. Органы ўнутраных спраў у гэтым працэсе займаюць цэнтральнае месца.

Дар'я КАСКО

Телефон доверия
#моямилиция