4 марта 2017Слаўны шлях

На ахове правапарадку і ў рэвалюцыю, і ў вайну, і ў мірны час.

1917-ы стаў пераломным для гісторыі ўсяго свету, а ў лёсе нашай краіны ён наогул адыграў вызначальную ролю. Менавіта таму гэты год — роўна праз стагоддзе пасля тых эпахальных падзей — так багаты на знамянальныя даты. У жніўні стагоддзе будзе святкаваць «Звязда», а ўвесь сакавік адзначаны ўнушальным юбілеем беларускай міліцыі.

Ву­чэб­ны збор су­пра­цоў­ні­каў упраў­лен­ня мі­лі­цыі МДБ Ві­цеб­скай воб­лас­ці. 1950 год.

Першыя крокі

Падрыхтоўка да маштабнага свята пачалася за шмат месяцаў, бо трэба было не толькі правесці ўрачыстыя мерапрыемствы, адзначыўшы лепшых супрацоўнікаў, але і прааналізаваць вынікі працы ўсёй службы за гэты немалы перыяд.

З'яўленне міліцыі звязана з Лютаўскай рэвалюцыяй. Імкнучыся ўмацаваць сваё становішча, Часовы ўрад яшчэ 3 сакавіка 1917 года абвясціў «... замену паліцыі народнай міліцыяй з выбарным начальствам, падпарадкаваным органам мясцовага самакіравання». З гэтага часу міліцыя ўзяла на сябе функцыі выканаўчага органа дзяржаўнай улады.

Да Мінска хваля пераўтварэнняў дакацілася вельмі хутка, ужо на наступны дзень, 4 сакавіка, атрады баявых дружын рабочых і міліцыі раззброілі былую паліцыю, захапілі гарадское паліцэйскае ўпраўленне, архіўнае і вышуковае аддзяленні, а таксама ўзялі пад сваю ахову важнейшыя на той час дзяржаўныя ўстановы: пошту і тэлеграф. Часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове парадку ў горадзе быў прызначаны яго служачы Міхаіл Міхайлаў. Гэта на самай справе псеўданім Міхаіла Фрунзэ. Дарэчы, акрамя таго, што ён лічыцца родапачынальнікам беларускай міліцыі, вядомы рэвалюцыянер да лета 1917 года паспеў адзначыцца ў ролі старшыні выканкама Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, рэдактара «Крестьянской газеты», арганізатара і члена Мінскага гарадскога камітэта РСДРП, члена салдацкага камітэта Заходняга фронту, члена выканкама Мінскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў і нават аднаго з рэдактараў першых нумароў «Звязды».

Праз некалькі дзён пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі выйшла пастанова «Аб рабочай міліцыі», якая абвяшчала стварэнне савецкай міліцыі як выканаўчага органа мясцовых Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. На з'ездах гэтых Саветаў, якія адбываліся ў Беларусі ў канцы 1917 — пачатку 1918 года абмяркоўвалі ў тым ліку і пытанне стварэння новай міліцыі як органа аховы рэвалюцыйнага парадку і ўзброенай сілы Саветаў. Аднак прынялі рашэнне размежаваць функцыі Чырвонай Арміі і міліцыі, якая павінна была існаваць як пастаянны штат асоб, якому давераны свае асаблівыя функцыі.

Пасля абвяшчэння 1 студзеня 1919 года Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь на міліцыю ляглі абавязкі па разгроме замежных інтэрвентаў і так званай унутранай контррэвалюцыі. Разам з аховай грамадскага парадку і барацьбой са злачыннасцю супрацоўнікі службы павінны былі прымаць удзел у баявых дзеяннях супраць акупантаў. На працягу наступных 20 гадоў праходзіў працэс станаўлення міліцыі, якая папераменна ўваходзіла ў склад розных структур.

У ліпені 1934 года НКУС СССР выдаў загад «Аб арганізацыі органаў НКУС на месцах», у сувязі з чым наркаматы ўнутраных спраў былі створаны ва ўсіх саюзных рэспубліках, у тым ліку і ў Беларускай ССР: упраўленні былі сфарміраваны ў сталіцы, абласных цэнтрах, некаторых гарадах і раёнах.

Вайна нікога не пакінула ў баку

З лепшага боку паказалі сябе супрацоўнікі міліцыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Міліцыя Беларусі была пераведзена на ваеннае становішча і цалкам падпарадкавана мэце абароны краіны і разгрому ворага. У ваенны перыяд абсяг задач і кола абавязкаў значна пашырыліся: супрацоўнікі міліцыі вялі барацьбу з парушальнікамі правапарадку, дэзерцірамі, марадзёрамі, панікёрамі, выяўлялі варожых агентаў і правакатараў, падтрымлівалі арганізаваную эвакуацыю насельніцтва і прамысловых прадпрыемстваў у глыб вялізнай краіны.

З прычыны асаблівасцяў геаграфічнага становішча менавіта беларускім міліцыянерам першым давялося дзейнічаць у баявой абстаноўцы, сутыкнуцца з дэсантнымі групамі праціўніка. Галоўным упраўленнем міліцыі НКУС СССР было прынята рашэнне аб пераводзе работы на дзве змены, па 12 гадзін кожная, акрамя таго, на час вайны адмяняліся адпачынкі. Пры гэтым ішоў бесперапынны пошук новых удзельнікаў брыгад садзейнічання міліцыі, арганізацыі груп садзейнічання знішчальным батальёнам і груп аховы грамадскага парадку.

Апараты крымінальнага вышуку перабудоўвалі аператыўна-вышуковую дзейнасць з улікам тых змен, якія адбыліся ў ваенны час. Асаблівая ўвага звярталася на выяўленне варожай агентуры, распаўсюджвальнікаў ілжывых чутак, прафілактыку злачынстваў, у тым ліку сярод непаўналетніх. Акрамя таго, сілы канцэнтраваліся на ахове аб'ектаў народнай гаспадаркі, прадуктаў, якія былі на строгім уліку, а значыць, патрабавалася на корані спыняць дзейнасць раскрадальнікаў, спекулянтаў і фальшываманетчыкаў.

Падчас вызвалення Беларусі на яе тэрыторыі дзейнічалі аператыўна-чэкісцкія групы, задачай якіх з'яўлялася непасрэдная падрыхтоўка да аднаўлення работы органаў міліцыі.

Заканчэнне вайны стала для народа вялікай палёгкай, аднак аператыўная абстаноўка ў Беларусі заставалася вельмі складанай, асабліва ў заходніх абласцях, дзе яшчэ некаторы час арудавалі арганізаваныя банды.

Ура­чыс­ты марш кур­сан­таў Ма­гі­лёў­скай ся­рэд­няй спе­цы­яль­най шко­лы транс­парт­най мі­лі­цыі. 1963 год.

Ад масавай амністыі да крымінальных выбухаў

У сакавіку 1946 года V сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла Закон аб пераўтварэнні СНК СССР у Савет Міністраў СССР, а народных камісарыятаў — у міністэрствы. Такім чынам НКУС ператварыўся ў Міністэрства ўнутраных спраў, пад такой назвай мы ведаем службу і па сённяшні дзень, хоць некаторы час яна і насіла назву Міністэрства аховы грамадскага парадку. У структуры МУС асноўную ролю ў забеспячэнні аховы грамадскага парадку адыгрывала Галоўнае ўпраўленне міліцыі. У 1950 годзе было прынята рашэнне аб яго рэарганізацыі: распрацавана новая структура мясцовых органаў міліцыі, замест занальнага прынцыпу кіравання органамі вышуку ўводзіўся лінейны — па відах злачынстваў.

Наогул пачатак 1950-х выдаўся няпростым. Найбольш напружаным стаў 1953 год, калі адбылася маштабная амністыя. Мелася нямала фактаў уцягвання мацёрымі злачынцамі, якія трапілі пад амністыю, у супрацьзаконную дзейнасць іншых, у тым ліку і падлеткаў. Аператыўная абстаноўка ў рэспубліцы стабілізавалася толькі праз два гады.

Да 1960—1970-х гадоў органы ўнутраных спраў Беларусі па эфектыўнасці дзейнасці ўжо былі найлепшымі ў сістэме МУС усяго Савецкага Саюза, таму служылі базай для паказу калегам з розных рэгіёнаў СССР перадавых формаў і метадаў работы. Шырокі размах атрымала ўсенародная падтрымка дзейнасці беларускай міліцыі: з году ў год павялічваліся шэрагі народных дружыннікаў, удасканальвалася сістэма грамадскіх пунктаў аховы парадку, паглыбляліся сувязі органаў унутраных спраў з іншымі фарміраваннямі грамадскасці.

Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР у 1962 годзе зацвердзіў тэкст Прысягі, а таксама парадак яе прыняцця асабовым складам міліцыі, устанавіў Чырвоныя сцягі для гарнізонаў. Гэта надало большую сацыяльна-палітычную вагу супрацоўнікам службы, а таксама яшчэ павысіла прэстыж іх працы, таму ўрачыстыя цырымоніі прыняцця Прысягі пачалі праводзіць паўсюдна. Тады ж была ўстаноўлена дата святкавання Дня савецкай міліцыі — 10 лістапада, у Расіі міліцыянеры па-ранейшаму адзначаюць сваё прафесійнае свята ў гэты дзень.

На сярэдзіну 1980-х прыйшліся часы грамадска-палітычнай і эканамічнай дэстабілізацыі жыцця краіны. Гэтыя з'явы суправаджаліся абвастрэннем крымінагеннай сітуацыі, а значыць, і істотным павелічэннем нагрузкі на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. У той жа час праводзілася вялікая работа па ўдасканаленні дзейнасці сістэмы: ад павышэння арганізаванасці дарожнага руху да паляпшэння эфектыўнасці работы патрульна-паставой службы.

Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, прадстаўнікі органаў унутраных спраў аднымі з першых прынялі актыўны ўдзел у ліквідацыі яе наступстваў, у складаны перыяд свае сілы яны прыклалі да падтрымання правапарадку ў Арменіі, Нагорным Карабаху, іншых рэгіёнах былога СССР.

Адной з прыкмет дзяржаўнага суверэнітэту з'яўляецца права на ўласныя ўзброеныя сілы, ўнутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадскай бяспекі. Беларусь атрымала яго 27 ліпеня 1990 года. А ўжо ў сакавіку 1991 года быў уведзены ў дзеянне Закон «Аб міліцыі», які рэгламентаваў дзейнасць органаў унутраных спраў рэспублікі па-за кантэкстам СССР. Найбольш значным у гэтай сферы на дадзены момант з'яўляецца падпісаны ў 2007 годзе Закон «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь».

Дар'я КАСКО

Телефон доверия
#моямилиция